ХАКЕ́Й НА ТРАВЕ́,
спартыўная камандная гульня на травяным газоне з мячом і клюшкай. Гуляюць 2 каманды (па 11 гульцоў) 2 таймы па 35 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць найб. колькасць мячоў у вароты саперніка. Памеры поля 81—91×50—55 м, варот — 3,66×2,14 м. Інвентар: клюшка даўж. 1 м з даўж. крука да 20 см, мяч дыям. да 7,4 см, масай да 163 г.
Падобныя гульні існавалі з 2-га тыс. да н.э. ў стараж. Егіпце, Персіі, Грэцыі. Японіі, на амер. кантыненце. Першы хакейны клуб з’явіўся ў Вялікабрытаніі ў 1861. Правілы гульні сфармуляваны ў 1907. Міжнар. федэрацыя засн. ў 1924. аб’ядноўвае 117 краін, еўрап. федэрацыя — 40 краін (2002). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны) і 1980 (жанчыны). Чэмпіянаты свету сярод мужчынскіх каманд праводзяцца з 1971 раз у 2 гады. сярод жаночых — з 1976; чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (раз у 4 гады) з 1970. Кубак чэмпіёнаў еўрап. краін разыгрываецца штогод з 1969. Найб. пашыраны ў Аўстраліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Новай Зеландыі, Нідэрландах, Пакістане, краінах Афрыкі і інш.
На Беларусі культывуецца з 1970-х г. Бел. федэрацыя ўваходзіць у Міжнар. федэрацыю з 1992. Мужчынская зборная каманда Беларусі ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату свету (1994, г. Сідней, Аўстралія) і Еўропы (1995, Дублін), сярэбраны прызёр Міжкантынент. кубка (1997, Куала-Лумпур, Малайзія). У 2000 каманда ўдзельнічала ў адборачным турніры Алімп. гульняў (г. Осака, Японія). Жан. маладзёжная зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы (1997, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія); у 1999 пераможца чэмпіянату Еўропы. Жан. нац. каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (2002).
А.Л.Якіменка, А.М.Петрыкаў.
т. 16, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)